Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Навіны рэгіёна і раёна
07.06.2019

З юбілеем!

 

Сёння спаўняецца 80 год нашаму знакамітаму земляку, паэту і перакладчыку, члену Саюза беларускіх пісьменнікаў, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы і Нацыянальнай прэміі Італіі, ганароваму грамадзяніну Гарадоцкага раёна Уладзіміру Максімавічу Скарынкіну. 


 Уладзімір Максімавіч нарадзіўся ў Віцебску. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай  вайны яго бацьку накіравалі на працу ў Гарадок. Тут, непадалёку ад чыгункі, ён пабудаваў хату, у якую і перавёз сям’ю. А потым  адсюль і быў накіраваны на фронт. Але вярнуцца яму не было наканавана: бацька паэта крыху не дачакаўся перамогі, загінуў 16 красавіка 1945 г. і пахаваны ў брацкай магіле на Зеелаўскіх высотах недалёка ад Берліна. Старшага брата нашага знакамітага земляка Пятра ў час вайны вывезлі ў Германію. А маленькі Валодзя з матуляй да канца вайны былі вязнямі працоўнага лагера ў   

г. Бромберг, Германія.


Пра Вялікую Перамогу Уладзімір Максімавіч кажа наступнае: «Я помню, як каляровыя ракеты ў прыцемкі ўзляцелі, букеты, і маці са слязамі на вачах мяне ўзняла высока на руках. Дзень Перамогі з таго часу для мяне — самае вялікае свята, свята са слязамі на вачах». Затым сям’я вярнулася ў Гарадок. Пасля заканчэння з залатым медалём сярэдняй школы № 2 У. Скарынкін паступіў у Рыжскае Чырвонасцяжнае вышэйшае інжынерна-авіяцыйнае ваеннае вучылішча ім. К.Я. Варашылава, а скончыў Рыжскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі, які быў створаны на базе вучылішча. Пасля атрымання адукацыі будучы паэт прыехаў працаваць на радзіму. Дзевяць год быў інжынерам у Мінскім аэрапорце, 12 — начальнікам аварыйна-выратавальнай службы Беларускага упраўлення грамадзянскай авіяцыі.


Сваю першую кнігу «Буслы над аэрадромам» паэт выдаў у 1969 годзе. Уладзімір Максімавіч Скарынкін – аўтар зборнікаў лірыкі: “Гукавы бар’ер” (1972); “Дазвольце ўзлёт (1975); “Чацвёрты разварот” (1979); “Вугал атакі” (1983); “Пасадачныя агні” (1985); “Выратавальны плыт” (1988); “Размова на парозе” (1991); “Лосвіда” (1993); “Апошняе слова” (1994). Аўтар паэм “Насустрач веку”, “Сляпыдождж”, “Высокае сонца”, “Узнясенне”, “Астральны знак Францыска”. Напісаў  кніжкі для дзяцей: “Канікулярная ангіна” (1991); “Падарожжа ў Крайшарад” (1993); “У карэце па белым свеце” (2000), “Дзе і як жыве Нептун?” (2014). 


Асобную старонку ў творчай біяграфіі паэта займаюць шматлікія пераклады паэтычных твораў, у тым ліку «Боскай камедыі» Дантэ, за якую ў 2000 г. яму была пры¬суджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь.


 Спадчына нашага знакамітага земляка  разнастайная і шматгранная, яму падуладная любая тэма. Але асабліва ярка ў яго вершах адчуваецца павага да гісторыі народа, да бацькоўскай зямлі. Часта ўяўленне пераносіць паэта ў апаленае вайной дзяцінства, што прайшло ў фашысцкай няволі.


Да юбілею Уладзіміра Скарынкіна на другім паверху файе культурна-асветніцкага цэнтра “Гарадок” наладжана выстава “Песні, шчырыя і празрыстыя, асцярожна людзям нясу…”. Гэта выстава-апавяданне аб жыцці і творчасці пісьменніка-земляка, на якой прадстаўлены паэтычныя зборнікі, артыкулы з газет, буклеты. Сардэчна запрашаем усіх, хто ганарыцца і цікавіцца творчасцю нашага знакамітага земляка наведаць выставу, пазнаеміцца з электроннымі дакументамі, якія змяшчаюць музычныя творы, перакладзеныя на вершы паэта, а таксама фотаздымкі і відэаматэрыялы з архіва Уладзіміра Скарынкіна.


Ад усіх жыхароў раёна  шчыра віншуем  Уладзіміра Максімавіча з Днём нараджэння, выказваем словы ўдзячнасці за шчырую  любоў да сваёй малой радзімы і жадаем юбіляру здароўя, доўгіх гадоў жыцця, сямейнага дабрабыта і плённай творчай працы.


Да спіса
© ГАРАДОЦКI РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2025.