Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Навіны рэгіёна і раёна
Ёлачныя базары ў Віцебскай і Брэсцкай абласцях адкрыюцца ўжо з 19 снежня
16.12.2020

Ёлачныя базары ў Віцебскай і Брэсцкай абласцях адкрыюцца ўжо з 19 снежня

Больш за 150 тыс. дрэў маюць намер прадаць лясгасы Беларусі да навагодніх свят, паведаміў сёння журналістам начальнік аддзела рэалізацыі лесапрадукцыі Міністэрства лясной гаспадаркі Віталь Бандарэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


"У цэлым па краіне плануецца рэалізаваць не менш за 150 тыс. хвойных дрэў. На сёння арганізавана больш за 1,1 тыс. гандлёвых пляцовак, дзе можна купіць нашу прадукцыю. Працаваць ёлачныя базары будуць ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах, на тэрыторыі лясніцтваў і лясгасаў. Гандлёвыя кропкі ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях адкрыюцца ўжо з 19 снежня, у Гродзенскай - з 20 снежня, у Мінскай - з 21 снежня, у Гомельскай і Магілёўскай - з 23 снежня", - расказаў Віталь Бандарэвіч.

Паводле слоў начальніка аддзела, у населеных пунктах з колькасцю жыхароў большай за 30 тыс. будуць прадаваць дрэвы ў кадушках. Пры гэтым кожнаму пакупніку падораць інструкцыю па доглядзе атрыбута свята. "На нашых ёлачных базарах дастаткова шырокі асартымент з улікам попыту насельніцтва. Выбар з кожным годам пашыраецца. Так, у мінулым годзе да асноўных пазіцый - елкі еўрапейскай, елкі калючай, сасны звычайнай - дабавілася елка сербская, а ў гэтым - піхта Нордмана", - адзначыў ён.

Віталь Бандарэвіч дадаў: па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі трэці год будзе праводзіцца рэспубліканская акцыя "Захаваем сімвал свята". Лясгасы і Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр прапануюць беларусам купіць навагоднія дрэвы ў кадушках, гаршках або скрынях, каб потым захаваць іх да вясны (напрыклад, на балконе або дачы) і высадзіць у бліжэйшым лясніцтве. "Акрамя таго, пасля свят грамадзяне змогуць вярнуць адпрацаваныя дрэвы ў бліжэйшыя лясніцтвы для далейшай перапрацоўкі. Тым самым беларусы падтрымліваюць добраўпарадкаванне сваёй малой радзімы і ўдзельнічаюць у тым, каб захаваць прыродныя рэсурсы планеты", - сказаў на заканчэнне ён.


/Кар. БЕЛТА/.


Да спіса
© ГАРАДОЦКI РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2025.