Галоўная / Навіны рэгіёна і раёна
Навіны рэгіёна і раёна
"Віцебскія дываны" будуць нарошчваць продажы праз сеткавы гандаль
12.11.2020

"Віцебскія дываны" будуць нарошчваць продажы праз сеткавы гандаль

ААТ "Віцебскія дываны" плануе нарошчваць продажы вырабаў праз сеткавы гандаль, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Алена Чабатарова.


Такія акцэнты ў збытавай палітыцы заснаваны на тэндэнцыях гандлю на асноўных рынках, дзе прысутнічае беларускі вытворца дываноў, у прыватнасці ў Расіі, Украіне. "Сёння мы робім упор на тое, каб наш прадукт заняў сур'ёзныя пазіцыі ў сеткавых магазінах, якія ўсё больш дамінуюць у гандлі. На бліжэйшыя тры гады для нас гэта будзе прыярытэтнай задачай, а продажы праз сеткавыя структуры стануць асноўным складнікам экспарту, на які прыпадае больш за 90 працэнтаў аб'ёму вытворчасці", - расказала Алена Чабатарова.

На гэта накіравана і мадэрнізацыя аддзелачнага абсталявання. Інвестпраект, які рэалізуецца сёння, дасць магчымасць палепшыць якасць аддзелачных аперацый, а ў выніку - цалкам упісацца ў патрабаванні сеткавага гандлю, што прад'яўляюцца да прадукцыі ў тым ліку ў краінах Еўрапейскага саюза. "Віцебскія дываны" пастаўляюць вырабы ў Чэхію, Фінляндыю, Германію, Эстонію, Латвію, Румынію, Венгрыю, растлумачыла кіраўнік.

Акрамя таго, прадпрыемства мае намер рэарганізаваць фірменны гандаль, на які прыпадае каля 10 працэнтаў продажаў.

Па выніках 2019 года акцыянернае таварыства выпусціла 21,1 млн кв.м дывановых вырабаў, з якіх амаль 93 працэнты экспартавала. "Пры такім экспартным складніку для прадпрыемства вельмі значнымі сталі абмежавальныя меры на знешніх рынках, звязаныя з распаўсюджваннем COVID-19. Але калектыў прайшоў гэты перыяд дастойна, а сёння вытворчасць загружана на 100 працэнтаў, што дае падставы будаваць напружаныя планы на наступны год", - дадала Алена Чабатарова.

Віцебскае дывановае аб'яднанне заснавана ў 1947 годзе на базе фабрыкі "Дзвіна", якая ў сваю чаргу была пабудавана ў 1900 бельгійскімі бізнесменамі. Прадпрыемства акцыяніравана ў 1994 годзе, доля дзяржавы ў статутным фондзе складае 51,1 працэнта. Акцыянернае таварыства з'яўляецца адным з буйнейшых прадстаўнікоў тэкстыльнай галіны ў краіне, уваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам". У лютым 2020 года "Віцебскія дываны" набылі комплекс маёмасці ААТ "Дываны Брэста" амаль за Br7,2 млн. Гэта здзелка дасць магчымасць стварыць у Беларусі адзіную дывановую вытворчасць, аб'яднаўшы тэхналагічны, кадравы патэнцыял прадпрыемстваў, павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, а таксама забяспечыць прадказальнае, доўгатэрміновае развіццё галіны.


Фота з архіва


/Кар. БЕЛТА/.



Да спіса