Пашпарт грамадзяніна Беларусі Настассі Марозавай 10 сакавіка ўручыў кіраўнік дзяржавы. "Я нават і падумаць не магла, што атрымаю пашпарт з рук Прэзідэнта. У мяне было такое незвычайнае адчуванне: і хвалявалася, і адначасова чакала гэтага моманту. Цяпер я дарослая і разумею, што павінна несці адказнасць за свае рашэнні і ўчынкі, - сказала Настасся. - Я ганаруся тым, што нарадзілася і жыву ў Беларусі. У маёй краіне зроблена ўсё, каб моладзь магла вучыцца. Наглядны прыклад - мая гімназія".
Настасся вучыцца на выдатна і захапляецца музыкай - іграе на скрыпцы. А яшчэ - узмоцнена займаецца матэматыкай. "Хачу вучыцца ў БДУ, мару быць праграмістам і працаваць у ПВТ", - сказала яна.
У Палацы Незалежнасці пашпарт грамадзяніна Беларусі Прэзідэнт уручыў і вучню 8-га класа гімназіі Быхава Дзмітрыю Іванову. "Гэта вельмі значны дзень для мяне, ён надоўга застанецца ў памяці. Такое сапраўды бывае толькі адзін раз у жыцці, - расказаў школьнік. - Я перамог у конкурсе дзіцячых СМІ ў "Зубраняці". Хачу стаць журналістам і ўжо выдаю гімназічную газету".
Вучань 9-га класа гімназіі нумар 1 Ашмян Ягор Саванец - пераможца раённых алімпіяд па хіміі і біялогіі. У будучым ён плануе звязаць сваё жыццё з медыцынай. "Сённяшні дзень - асаблівы для мяне. Я хваляваўся і не мог паверыць, што мне выпаў такі гонар. Мае родныя і сябры вельмі мною ганарацца", - адзначыў школьнік.
На ўрачыстай цырымоніі пабывала і вучаніца 9-га класа Хатыніцкай сярэдняй школы Дар'я Шамрыла. Яна ўдзельніца фестывалю фальклорнага мастацтва "Радавод". "Прызнаюся, я доўга рыхтавалася да гэтага дня. Атрымаць пашпарт у Палацы Незалежнасці - гэта ганарова і вялікая адказнасць. Гэта важная падзея для ўсёй маёй сям'і", - падзялілася школьніца.
Усебеларуская акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі!", прысвечаная Дню Канстытуцыі, пройдзе па ўсёй краіне па 15 сакавіка пад слоганам #раЗАм. Напярэдадні і ў Дзень Канстытуцыі мерапрыемствы акцыі аб'яднаюць больш як 4 тыс. юных беларусаў. Галоўны дакумент юнакам уручаць кіраўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскія дзеячы і іншыя заслужаныя людзі краіны.
Афіцыйныя мерапрыемствы патрыятычнай акцыі традыцыйна адбудуцца ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Камітэце дзяржаўнага кантролю, Канстытуцыйным судзе. Сімвалічна, што 15 сакавіка фінал Усебеларускай акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі!" адбудзецца ў Канстытуцыйным судзе. Акцыя стартавала ў 2004 годзе па ініцыятыве БРСМ.
У час цырымоніі.
/Кар. БЕЛТА/.