У экспазіцыю пад назвай "Помнім. Шануем. Захоўваем" увайшло 311 паштовак. Сярод іх паштоўкі ў гонар герояў Савецкага Саюза Аляксандра Гараўца, Льва Даватара, Канстанціна Заслонава, Зінаіды Партновай, Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, Веры Харужай, Івана Чарняхоўскага, Міная Шмырова, карткі з выявай мемарыяльных комплексаў у гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебскай вобласці: "Кацюшы" ў Оршы, "Прарыву" ва Ушацкім раёне і іншых, што ўвекавечваюць імёны ўдзельнікаў вызвалення вобласці і ўраджэнцаў Віцебшчыны, падпольшчыкаў і партызан, якія дзейнічалі на тэрыторыі рэгіёна, у іншых абласцях і краінах у гады вайны.
Першыя паштоўкі, прысвечаныя падзеям і героям вайны, былі выдадзены ўжо ў 1941 годзе. Выпускам паштовак у гады вайны займаліся такія выдавецтвы, як "Мастацтва", "Ваенвыдавецтва", "Ваенмарвыдавецтва", Філатэлістычная кантора. На іх адлюстраваны эпізоды баёў, франтавых будняў, партрэты герояў, карціны дзеянняў партызан і падпольшчыкаў у тыле ворага, з'едлівая сатыра на фашысцкіх захопнікаў, тэксты франтавых песень, віншаванні са святамі і іншыя цікавыя эпізоды і значныя моманты. Яны падтрымлівалі ў людзях веру ў перамогу, выхоўвалі стойкасць і адданасць радзіме. Асаблівую гістарычную каштоўнасць уяўляюць сабой паштоўкі, выдадзеныя ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Ленінградзе (у тым ліку ў час блакады).
Паштоўкі, прысвечаныя гэтаму трагічнаму перыяду, масава выдаваліся ў пасляваенныя дзесяцігоддзі. На іх былі рэпрадукцыі твораў мастакоў і скульптараў, выявы помнікаў удзельнікам вайны, партрэты палкаводцаў, военачальнікаў, герояў Савецкага Саюза, салдат і афіцэраў. Выходзілі і тэматычныя наборы, напрыклад з партрэтамі жанчын, якія вызначыліся ў гады вайны, камсамольцаў, піянераў.
Выстава прымеркавана да 75-годдзя вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наведаць яе можна па 30 чэрвеня.
Фота Музея гісторыі прыватнага калекцыяніравання.
/Вольга Багачова - БЕЛТА/.